СВЯТА-РАСТВА-БАГАРОДЗІЦКАЯ ЦАРКВА I МАНАСТЫР

Свята-Раства-Багародзiцкая царква и манастыр

На вул. Новазамкавай. Царква пабудавана ў 1720—51 гг. з цэглы італьянскім архітэктарам І.Фантана на месцы драўлянага базыльянскага кляштара, які згарэў (заснаваны ў 1633 пры Прачысценскай царкве) паводле загада уніяцкага мітрапаліта Л. Кішкі.

У 1642 г. уніяцкі мітрапаліт А. Сялява загадаў перадаць манашкам-базыльянкам «на вечныя часы пляцы, якія пустуюць, незаселеныя, ляжаць направа ад Прачысценскай царквы і на захад ад яе, аж да каралеўскага замка». Пажар 1647 г. знішчыў драўляныя будынкі кляштара, але ў хуткім часе манашкі пабудавалі новую драўляную царкву Раства Багародзіцы і жылы корпус. У 1720 г. кляштар зноў знішчаны пажарам, пасля чаго адразу пачалося будаўніцтва мураванага прыстанка пад кіраўніцтвам архітэктара І.Фантаны на сродкі Л. Кішкі. Нягледзячы на пажар 1754 г., будаўніцтва было закончана, у 1756 г. прыстанак асвячоны. Пасля скасавання Брэсцкай уніі 1596 г. Полацкім царкоўным саборам 1839 г. кляштар у 1843 г. пераўтвораны ў праваслаўны. Уваход зроблены ў былой алтарнай заходняй частцы, а іканастас пастаўлены ва ўсходняй частцы малітоўнай залы. Царква адрамантавана ў 1848 г. на сродкі прыхаджан. У 1860-я гг. прыбудавана «цёплая» царква св. Сергія Раданежскага, у 1891 г. ў заходняй частцы комплекса пабудаваны 2-павярховы гаспадарчы корпус. Храм пад назвай Дабравешчання Найсвяцейшай Дзевы Марыі адлюстраваны на малюнку Н.Орды 2-й палавіны 19 ст. Храм пацярпеў у час 1-й сусветнай вай-ны. Манастыр дзейнічаў да 1960 г., пасля чаго манашкі былі выселены ў Жыровіцкую абіцель, а ў будынках прыстанка размясціліся разнастайныя ўстановы. У 1977—92 гг. у храме размяшчаўся Беларускі дзяржаўны музей атэізму і гісторыі рэлігіі. Рашэннем Гродзенскага аблвыканкома храм і кляштарныя будынкі ў чэрвені 1992 г. перададзены праваслаўнаму жаночаму манастыру. 23.7.1995 г. веруючыя сустракалі Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Аляксія II. Настаяцельніца Раства-Багародзіцкага прыстанка прыклала вялікія намаганні дзеля аднаўлення гэтай праваслаўнай святыні. Свяцейшы Патрьярх у гонар знаходжання ў манастыры перадаў яму абраз Уладзімірскай Маці Божай — святыні Масквы. У інтэр'еры прыгожы іканастас.

Архітэктурны комплекс складаецца з аб'яднаных у адно цэлае царквы, жылога манаскага корпуса і капліцы (ці зімовай царквы).

Царквa — помнік архітэктуры пераходнага стылю ад барока да класіцызму. Як былая уніяцкая царква арыентавана апсідай на захад. Адносіцца да крыжова-купальных 2-вежавых храмаў. У сілуэце дамінуе купал на 8-гранным светлавым барабане (дыяметр 9,7 м) з цыбулепадобнай галоўкай. Кампазіцыя галоўнага фасада 3-часткавая, характарызуецца стрыманай архітэктурнай пластыкай: прытвор завершаны 3-вугольным франтонам, фланкіраваны чацверыковымі вежамі з фігурнымі купаламі, крапоўка абмежавана здвоенымі пілястрамі, шырокім прафіляваным карнізам і антаблементам.

Унутры перакрытыя цыліндрычнымі скляпеннямі крылы трансепта, прытвор і апсіда на ўсю вышыню адкрыты ў падкупальную прастору. Падпружныя аркі на сценах абапіраюцца на здвоеныя пілястры і магутны прафіляваны карніз. У таўшчыні фасаднай сцяны праходзяць 2 вінтавыя лесвіцы. У паўночным крыле трансепта праходзяць кансольныя хоры, звязаныя з 2-м паверхам жылога корпуса.

Жылы манаскі корпус — Г-падобны ў плане 2-павярховы будынак, прыбудаваны працяглым крылом да галоўнага фасада. Часткова агінае апсіду, што стварае невялікі адкрыты дворык. Плоскасныя фасады арытмічна расчлянёны прамавугольнымі аконнымі праёмамі. Планіроўка галерэйная з аднабаковым размяшчэннем тыпавых келляў, перакрытых крыжовымі скляпеннямі, калідор — цыліндрычным з распалубкамі.

Капліца прыбудавана да ўсходняга тарца жылога корпуса ў сярэдзіне 18 ст. Уяўляе сабой прамавугольны ў плане аб'ём у стылі класіцызму. Сцены рытмічна расчлянёны прамавугольнымі аконнымі праёмамі і лапаткамі ў прасценках, падзелены на 2 ярусы шырокім прафіляваным поясам і завершаны стылізаваным дарычным антаблементам з трыгліфамі на фрызе. Усходні тарцовы фасад завершаны франтонам, вуглы апрацаваны руставанымі пілястрамі. Зала капліцы перакрыта плоскай столлю на падугах, сцены апяразаны прафіляваным карнізам.

наверх

© 2001-2010 APX  E-mail:apx@tut.by