КАСЦЁЛ ДАБРАВЕШЧАННЯ НАЙСВЯЦЕЙШАЙ ДЗЕВЫ МАРЫІ I КЛЯШТАР БРЫГIТАК

КЛЯШТАР БРЫГIТАК

 

Вуглавая 8-гранная вежа

 

Лямус

На захад ад гістарычнага цэнтра горада, сярод забудовы 19 — пачатку 20 ст. Кляштарны комплекс брыгітак і брыгітан заснаваны ў 1632—42 гг. Пабудаваны ў 1634—42 гг. з цэглы па фундацыі К. і А. Весялоўскіх. Комплекс уключае касцёл, манаскі корпус, што ўтварае квадратны ўнутраны двор, драўляны лямус, высокую мураваную агароджу з пластычнымі брамамі (захаваліся часткова) і вуглавымі 8-граннымі вежамі. Адрэстаўрыраваны, дзейнічае з 1991 г.

Касцёл асвячоны ў 1651 г. віленскім біскупам Е. Тышкевічам. А. Сабеская адпісала кляштару мястэчка Крамяніца, фальваркі Князева, Мартынаўшчына, Вузлаўцы, Шылавічы, Задвор'е, Рагозніца, вылучыла грошы на шпіталь. Першай ігуменняй у 1640 г. была люблінская ваяводзіна Г. Сабеская. Звычайна пры кляштары жыло 20—30 манашак шляхецкага паходжання. У 1842 г. кляштар скасаваны, у яго будынках пасялілі манашак з закрытых кляштараў бенедыкцінак у Нясвіжы, брыгітак у Луцку, дамініканак у Навагрудку; у канцы 19 ст. засталося 5 манашак. Адлюстраваны на малюнку Н. Орды (2-я палавіна 19 ст.). У 1908 г. кляштар перададзены ордэну Святой сям'і з Назарэта. 3 1909 г. пробашчам пры кляштары быў Ф. Грынкевіч (1884— 1933) — беларускі рэлігійны і культурны дзеяч. Пасля Вялікай Айчыннай вайны у кляштары размяшчаліся медыцынскія ўстановы. У 1990 г. касцёл перададзены рымска-каталіцкай царкве. 2.6.1992 т. асвячоны арцыбіскупам Т. Кандрусевічам.

Касцёл — помнік архітэктуры ранняга барока. Размешчаны ў паўночнай частцы комплексу. Аднанефавы 2-вежавы храм з паўцыркульнай апсідай накрыты агульным высокім чарапічным дахам. Фасады расчлянёны паўцыркульнымі высокімі аконнымі праёмамі і крапаваны ў прасценках карынфскімі пілястрамі, аб'ядна'ны агульным антаблементам. Франтальны фасад храма вырашаны плоскасцю, якая ў складаным рытме крапуецца карынфскімі пілястрамі, 3 ярусамі складана прафіляваных антаблементаў, арачкымі праёмамі і нішамі для скульптуры. Фасад завяршае шчыт з 3-вугольным франтонам, які бакавымі вітымі валютамі аб'ядноўваецца з 4-граннымі ярусамі бакавых вежаў з партатыўнымі сігнатуркамі. Дэкор фасаднага фрыза выкананы ў тэхніцы сграфіта (раслінны арнамент у спалучэнні з выявамі міфалагічных істот). Сіметрыю кампазіцыі падкрэслівае лучковы франтон, запоўнены ляпнымі пуцці і раслінным арнаментам, які працягнуты і па фрызе фасада.

Зала храма перакрыта цыліндрычным скляпеннем, умацаваным падпружнымі аркамі І прарэзаным над вокнамі распалубкамі. Апсіда аддзелена ад залы бакавымі пілонамі і перакінутай паміж імі аркай. Над уваходам — узнятая на 2 гранёныя слупы і трайную аркаду шырокая галерэя хораў, якая злучана з кансольным бакавым балконам з вітой лесвіцай. Архітэктурная пластыка інтэр'ера, як і фасада храма, заснавана на крапоўцы сцен пілястрамі стылізаванага карынфскага ордэра. Адсутнасць алтара кампенсуецца пазалочаным табернаклем. Па бакавых нефах і пад хорамі размешчана 14 гарэльефных сюжэтна-скулытгурных пано на тэму Крыжовага шляху Хрыста. У глыбокай арачнай нішы бакавой сцяны размешчана скульптурная кампазіцыя «Пакутны Хрыстос і Марыя». У касцёле захоўваліся рэліквіі св. Клімента — заступніка горада.

Да паўночна-заходняй сцяны касцёла далучаны 2-павярховы жылы корпус — помнік архітэктуры барока. Яго невялікія скляпеністыя памяшканні традыцыйна аб'яднаны ўнутранымі. калідорамі-галерэямі па перыметры замкнёнага прамавугольнага двара. Фасады рытмічна члянёны маленькімі прамавугольнымі аконнымі праёмамі ў простых ліштвах, аб'яднаных шырокім карнізам. У паўднёва-ўсходнім вуглу кляштарнага комплекса — асобная прыбудова, на 1-м паверсе якой была трапезная, на 2-м — бібліятэка.

Агароджа мураванаяз, з вуглавымі гранёнымі вежамі і 4 брамамі. Найбольш манументальная з брамаў размешчана перад касцёлам і арганічна суадносіцца з ім сваёй ідэнтычнай барочнай архітэктурнай трактоўкай.

У двары кляштара драўляны лямус (пабудаваны ў 1630-я гг.), вылучаны па фронце 2-яруснай слуповай галерэяй, дугападобныя падкосы надаюць ёй характар аркады.

наверх

© 2001-2010 APX  E-mail:apx@tut.by