НІЖНЯЯ ЦАРКВА

рис

Руіны храма адкрыты ў 1932—33 гг. у час раскопак Замкавай гары (кіраўнік Ю. Ядкоўскі). У 1937—39 гг. іх даследаваў 3. Дурчэўскі, з 1949 г. раскопкі прадоўжыў археолаг М.М. Варонін, які датуе будаўніцтва царквы 12 ст. З'яўлялася саборным храмам замка. Іпацьеўскі летапіс паведамляе аб пажары царквы 1183 г., які прывёў яе да разбурэння. У 13—14 ст., да будаўніцтва Верхняй царквы, зруйнаваныя сцены храма служылі агароджай невялікіх могілак. У 14—15 ст. на яе рэштках пабудавана Верхняя царква, якая ў 1807 г. асвячона як Свята-Сафійскі кафедральны сабор. Захаваліся руіны сцен, ніжнія часткі апор, шматлікія фрагменты канструкцый і ўбрання.

Твор архітэктуры Гродзенскай школы дойлідства. Размяшчаўся па цэнтры каменнай крэпасці, арыентаваны апсідай на ўсход. Уяўляў сабой прамавугольны ў плане (16,8 х 11,6 м) будынак са зрэзанымі вугламі, падзелены 6 слупамі на 3 нефы, цэнтральны з якіх завяршаўся паўкруглай апсідай, бакавыя — акруглымі нішамі ў тоўшчы сцяны, выкладзенай тонкай цэглай-плінфай на вапнавай рошчыне. Падмурак складзены з дробных камянёў без вапнавай рошчыны. Дах меў пакрыццё са свінцовых лістоў і купал у завяршэнні, бліжэй да заходняга фасада, аб чым сведчыць размяшчэнне апорных слупоў. Знадворку і ўнутры сцены крапаваны плоскімі лапаткамі, у верхняй частцы размяшчаліся вокны-біфорыумы. Дэкор фасадаў стваралі абчасаныя гранітныя глыбы, каменная паліхромная інкрустацыя, маёлікавыя ўстаўкі ў форме крыжа карычневага і зялёнага колеру, круглых разетак. У паўднёва-заходнім вуглу храма захаваліся рэшткі вітых сходаў, якія вялі на хоры. Залу перакрывала цыліндрычнае скляпенне на падпружных арках. Царква мела 3 уваходы па галоўных восях падкупальнага квадрата. Акустыку залы пашырала выкарыстанне галаснікоў-рэзанатараў. Падлога мела мазаічны маёлікавы плітачны набор зялёнага, жоўтага і карычневага колераў. Знойдзены дэталі ўбрання драўлянай алтар най перагародкі — пазалочаныя медныя лісты з выгравіраванымі выявамі апосталаў Фядота, Паўла і Сімяона ў абрамленні расліннага і плеценага арнамента.

наверх

© 2001-2010 APX  E-mail:apx@tut.by