Гiсторыя ўзнiкнення i развiцця горада Гродна

Рыс. 1. Цэнтр Гродна ў XII-XIII ст.

 

Рыс. 2. Цэнтр Гродна ў XIV-XV ст.

Рыс. 3. Цэнтр Гродна ў XVI ст.

Рыс. 4. Цэнтр Гродна ў XVI - пачатку XVIII ст.

Рыс. 5. Цэнтр Гродна ў другой палове XIII - пачатку XIX ст.

Рыс. 6. Цэнтр Гродна ў другой палове XIX — пачатку XX ст.

Першаасновай Гродна быў дзядзінец, пабудаваны ў канцы XI ст. на ўзгорку вышынёй больш за 32 м пры ўпадзенні ў Нёман ракі Гараднічанкі. У XII—XIII стст. горад, з'яўляючыся сталіцай удзельнага княства, уключаў замак, прылеглыя да яго гандлёва-рамесныя пасады і Барысаглебскі манастыр на суседнім з захаду ўзгорку. Відаць, побач з замкам на ўчастку плато паміж дзвюма рэкамі сфарміравалася гандлёвая плошча. Да першых вядомых культавых будынкаў адносілася саборная так званая Ніжняя царква XII ст. у замку, Прачысценская царква XII ст. на тэрыторыі пасада, царква Барысаглебскага манастыра XII ст. Замкавыя ўмацаванні складаліся з драўляных сцен і вежаў; з усходняга боку размясцілася нанболып высокая, круглая ў плане мураваная вежа XIII ст.— данжон, тыповая для абарончай архітэктуры гэтага часу.

У XIII—XIV стст. Гродна неаднаразова падвяргалася нападу крыжакоў. 3 1376 г. гэты буйны гандлёвы цэнтр, другі па значэнні пасля Вільні, знаходзіўся ва ўладанні князя Вітаўта. У той перыяд старажытная крэпасць перабудоўваецца ў гатычны Верхні замак. Дамінуючае абарончае'і кампазіцыйнае значэнне ў сістэме крапасных вежаў, відаць, увенчаных конусападобнымі завяршэннямі, захавала круглая вежа XIII ст. Асвой-ваецца тэрыторыя бліжэйшага ўзвышша, дзе для размяшчэння княжацкай світы і ваеннага гарнізона будуецца Ніжні замак, злучаны з Верхнім пад'ёмным мостам.

У адрозненне ад многіх іншых паселішчаў Гродна не меў вонкавай лініі абарончых збудаванняў, у чым ён набліжаўся да заходнееўрапейскіх гарадоў, дзе асноўным элементам умацаванняў былі невялікія па тэрыторыі замкі феадалаў. Відавочна, сістэму абароны горада ўзмацнялі фарпосты — мураваныя цэрквы-крэпасці, якія ўзводзіліся на лепшых у горадабудаўнічых адносінах участках. На канец XIII — пачатак XIV ст. прыпадае першае ўпамінанне пра існаванне прадмесцяў уздоўж вуліц, якія пераходзілі ў асноўныя гандлёвыя шляхі.

Дакументальныя звесткі пра планіроўку Гродна змяшчаюцца ў грамаце Вітаўта 1389 г. У ёй адзначаны рынак, Замкавая вуліца, якая вяла да яго ад замкавага моста, а таксама вуліца, што праходзіла ад Замкавай да Падола. Упамянуты ўчастак фарнага касцёла з могілкамі, праваслаўная Прачысценская царква, сінагога над ярам уздоўж ракі Гараднічанкі. У цэлым гарадская забудова атрымала развіццё ў усходнім, паўночна-ўсходнім і паўднёва-ўсходнім напрамках, канцэнтравалася на плато паміж Нёманам і Гараднічанкай.

На падставе гістарычных дакументаў — «Увалочнага вымярэння г. Гродны» 1560 г., гравюры, якая паказвае панараму забудовы ў 1568—1572 гг., больш позніх планаў XVIII ст.— можна ўявіць планіроўку горада ў сярэдзіне XVI ст. Асноўныя магістралі праходзілі ў мерыдыянальным і шыротным напрамках. Планіровачная структура большай часткі горада была няправільная радыяльна-дугавая, якая склалася, напэўна, яшчэ ў перыяд Кіеўская Русі. Да Верхняга і Ніжняга замкаў сыходзіліся некалькі радыяльных напрамкаў, асноўны з якіх, Замкавая вуліца з яе працягам — Азёрскай, пераходзіў у дарогу ва ўсходнім накірунку. Радыяльныя вуліцы выходзілі на старажытнейшую гандлёвую плошчу перад крэпасцю, якая ў XVI ст. ужо не існавала. У планіроўцы вылучаліся таксама дугавыя напрамкі, што перасякалі горад ад Нёмана да Гараднічанкі. У цэлым нерэгулярная планіровачная сетка характарызавалася няправільнымі абрысамі кварталаў, больш дробных у цэнтральнай частцы горада, ламанымі і крывалінейнымі вуліцамі. Ва ўсходнім раёне напэўна ў XV — першай палове XVI ст. сфарміравалася некалькі рэгулярных напрамкаў, якія перасякаліся пад прамым вуглом. Асобную планіроўку меў Падол — раўнінная тэрыторыя ля падножжа прыбярэжных узгоркаў. Некалькі паралельных вуліц цягнуліся ўздоўж Нёмана. Паміж сабой і з берагам ракі яны злучаліся кароткімі папярочнымі адрэзкамі. Такая вулічная сетка сустракалася таксама ў горадабудаўніцтве іншых народаў і ўяўляла сабой прыбярэжную радавую сістэму планіроўкі.

Назвы многіх вуліц паказвалі на прафесійную прыналежнасць жыхароў: Златарская — вуліца ювеліраў, Рэзніцкая — мяснікоў, Гарбарская — гарбароў і інш. Такім чынам, існавалі ўчасткі горада, вылучаныя па сацыяльных і прафесійных адзнаках, што абумоўлена цэхавай арганізацыяй рамеснай вытворчасці.

Важнай асаблівасцю разглядаемага перыяду было перамяшчэнне грамадскага цэнтра горада на ўсход ад замкаў. Ім становіцца новая гандлёвая плошча на перакрыжаванні асноўных магістраляў, якая мела кампазіцыю замкнёнага характару. Амаль квадратная канфігурацыя плошчы сфарміравалася, відаць, у XV ст. пад уплывам горада-будаўнічай культуры гоцікі і рэнесансу. Асаблівасць планіроўкі плошчы ў тым, што гандлёвая магістраль Варшава — Вільня перасякала яе не ў сярэдзіне, а праходзіла ў вуглах. Падобная трасіроўка вуліц, распаўсюджаная ў сярэдневяковых гарадах Еўропы, забяспечвала свабодны транзітны рух праз плошчу міма рынка.

Плошча звязвалася з замкам крывалінейнай вуліцай Замкавай — характэрным для многіх гарадоў планіровачным элементам, які злучаў гандлёвы цэнтр з феадальнай рэзідэнцыяй. Да асноўных будынкаў плошчы адносіліся драўляны прыходскі касцёл («фара Вітаўта»), на месцы якога ў XVI ст. узведзены мураваны, ратуша, пабудаваная пасля атрымання горадам у 1469 г. магдэбургскага права, мураваная парафіяльная Сімяонаўская царква, гандлёвыя рады, карчма. Ратуша мела шмат'ярусную вежу з гадзіннікам — галоўную вертыкаль у сілуэце горада.

У паўночнай частцы Гродна існавала таксама квадратная плошча малых памераў — так званы Нямецкі рынак, які ў другой палове XVI ст. ужо прыйшоў у заняпад. Выказваецца меркаванне, што гэта быў рынак калоніі прусаў, паколькі памежны Гродна меў разнастайны склад насельніцтва. Вядома, напрыклад, што ў 1392 г. князь Вітаўт дазволіў крыжакам пабудаваць у Занямонні замак Новае Гродна, які, аднак, ён у тым жа годзе разбурыў.

У першай палове XVI ст. на месцы руінаў Ніжняга замка пабудаваны вялікі каралеўскі палац. Сярод будынкаў на замкавым узвышшы, якія ўваходзілі ў палацавы комплекс, знаходзілася Васкрэсная царква XII—XIII стст. Пасля, у 1613 г., яна згарэла і пабудавана нанова на тэрыторыі горада.

Асноўныя культавыя будынкі займалі вяршыні прыбярэжных узгоркаў, броўкі плато, вузлавыя месцы планіровачнай структуры і служылі вышыннымі элементамі прасторавай кампазіцыі горада. Многія храмы размяшчаліся ў завяршэнні відавых перспектыў вуліц, што абумоўлівалася функцыянальнымі і эстэтычнымі патрабаваннямі і на працягу стагоддзяў з'яўлялася горадабудаўнічай традыцыяй. У XVI ст. акрамя памянёных культавых будынкаў існавалі цэрквы: Прачысценская, перабудаваная з храма XII ст., Малая Каложская на вуліцы Замкавай, Барысаглебская, Святога Крыжа на Падоле, Троіцкая (1511) на Нямецкім рынку, Мікалаеўская на паўночнай ускраіне, а таксама касцёл Святога Духа (1553) па Віленскай вуліцы і сінагога паблізу замка.

У Занёманскай, найбольш позняй частцы Гродна, фарміруецца новы рынак, добра звязаны з воднай камунікацыяй. Гандлёвая плошча атрымала тыповую форму прамавугольніка, да вуглоў якога падыходзілі вуліцы. Паблізу, насупраць замкаў існаваў звярынец з сажалкамі, элемент дастаткова пашыраны ў гарадах і рэзідэнцыях магнатаў XV—XVI стст. Абедзве часткі горада злучаліся мостам цераз Нёман на ражавых апорах і з уезнай вежай. Развіццё планіроўкі і забудовы суправаджалася павышэннем узроўню гарадскога добраўпарадкавання. Вуліцы былі забрукаваны, у 1541 г. зроблены водаправод.

У 80-ых гг. XVI ст. пры каралю Стэфану Баторыю Стары замак карэнным чынам перабудоўваецца ў стылі рэнесансу. У XVII ст. будуюцца альбо перабудоўваюцца манументальныя культавыя комплексы, якія належалі розным ордэнам. Яны займалі важнейшыя ў горадабудаўнічых адносінах участкі, маючы як абароннае, так і кампазіцыйнае значэнне.

У 1602—1618 гг. на месцы былых каралеўскіх стайняў узведзены касцёл бернардзінцаў, а ў 1621—1651 гг. насупраць яго на суседнім узгорку — кляштар бернардзінак. Да 1630-ых гг. адносіцца будаўніцтва дамініканскага кляштара на Віленскай вуліцы (пасля жылы корпус перабудаваны ў стылі класіцызму, касцёл разбураны ў 1874 г.), да 1634—1642 гг.— узвядзенне брыгіцкага кляштара на вуліцы Азёрскай. У 1635 г. у Занёманскім прадмесці закладзены францысканскі кляштар (перабудаваны ў XVIII ст.). Да першай паловы XVII ст. адносіцца таксама будаўніцтва новай мураванай сінагогі на месцы драўлянага храма, які згарэў у 1617 г. Адным з найбольш буйных і адметных у архітэктурна-мастацкіх адносінах збудаванняў стаў касцёл езуіцкага калегіума на галоўнай плошчы (1678—1700 гг., дабудаваны ў 1750—1752 гг.), узведзены на месцы, дзе ў XVI ст. стаяла Сімяонаўская царква.

У 1673 г. на Падоле паўстаў драўляны кармеліцкі касцёл, у 1738—1765 гг.— мураваны кармеліцкі на суседнім участку (згарэў у 1904 г.). Да 1729 г. адносіцца закладка невялікага кляштара баніфратэраў. У 1720—1751 гг. па праекце архітэктара I. Фантана на месцы згарэлага Прачысцінскага манастыра пабудаваны уніяцкі базыльянскі манастыр з царквою Раства Багародзіцы (дабудаваны ў XIX ст.).

У XVII ст. будуюцца гарадскія палацы — Радзівіла, уключаны ў ансамбль галоўнай плошчы, Сапегі — на Азёрскай, Пухальскага — на Дзям'янаўскай вуліцах, Агінскага — на беразе Нёмана. У XVIII ст. пабудаваны палац Масальскага на Замкавай вуліцы.

Планіроўку Гродна канца XVIII ст. ілюструе фіксацыйны план 1795 г. Яе фарміраванне на працягу стагоддзяў характарызавалася пераемнасцю асноўных асаблівасцей, якія склаліся на больш ранніх гістарычных этапах. Уздоўж асноўнай планіровачнай восі, якая праходзіць па водападзеле, сканцэнтраваўся шэраг вышынных збудаванняў — фарны, езуіцкі, брыгіцкі касцёлы. У мінулым уздоўж гэтай восі знаходзіліся таксама Малая Каложская царква і ратуша. Другую планіровачную вось — вуліцы Маставую і Віленскую адзначалі мужчынскі і жаночы бернардзінскія, кармеліцкія, фарны, дамініканскі і Святадухаўскі касцёлы. Як упаміналася, на скрыжаванні восяў размяшчалася галоўная гарадская плошча.

Другая палова XVIII і першая палова XIX ст. з'яўляюцца перыядам найвышэйшага развіцця кампазіцыйнай сістэмы архітэктурных дамінантаў. Іх значная колькасць, асаблівасці месц змяшчэння ў прыродным ландшафце і планіровачнай структуры абумовілі высокія эстэтычныя якасці горадабудаўнічай кампазіцыі. У гэты перыяд, як і ў іншых вялікіх гарадах, культавыя комплексы падзяляліся на тры групы па сваім значэнні ў прасторы горада, Да першай групы адносіліся бернардзінскі і езуіцкі кляштары і фарны касцёл. Па сваёй тэрыторыі вылучаўся езуіцкі кляштар, які займаў квартал і ўключаў касцёл, вучэбныя карпусы калегіума, бібліятэку, аптэку, жылыя і гаспадарчыя будынкі.

Найлепшым чынам дамінанты першай групы ўспрымаліся з перыферыйных і прыгарадных тэрыторый на левым беразе Нёмана і на захад ад Гараднічанкі. 3 унутраных гарадскіх прастораў, з вуліц і плошчаў збудаванні гэтай групы аглядаліся амаль усебакова.

Для вышынных збудаванняў другой групы (францысканскі, брыгіцкі, жаночы бернардзінскі, кармеліцкі, дамініканскі, базыльянскі кляштары) характэрны меншая вышыня і памеры храмаў у плане, маштаб жылых і падсобных пабудоў. Брыгіцкі і дамініканскі манастыры займалі радавое становішча ў забудове вуліц, базыльянскі — змяшчаўся ўнутры квартала. Візуальнае ўспрыняцце некаторых дамінантаў было больш абмежаванае ў параўнанні з комплексамі першай групы, хоць яны таксама актыўна фарміравалі сілуэт горада пры аглядзе з розных напрамкаў.

Да вышынных будынкаў трэцяй групы адносіліся Барысаглебская царква, манастыры Святога Духа і баніфратараў, сінагога і кірха, пабудаваная на Гарадніцы ў другой палове XVIII ст. Гэтыя аб'екты, параўнальна невялікага маштабу, размяшчаліся ў розных горадабудаўнічых умовах — з магчымасцю кругавога агляду (Барысаглебская царква), у забудове вуліцы (манастыр Святога Духа), унутры квартала (сінагога, баніфратарскі касцёл), у завяршэнні перспектывы кароткай вуліцы (кірха).

Манастырскія комплексы XVII—XVIII стст. мелі агульныя, традыцыйныя рысы кампазіцыі. Культавы будынак — галоўнае збудаванне комплексу, заўсёды знаходзіўся на перыферыі займаемай ім тэрыторыі, выходзячы фасадамі на вуліцы альбо плошчу і набываючы тым самым максімальную для дадзенага месца і матэрыяльных магчымасцей манаскага ордэна ролю ў структуры горада. Прынцыпы размяшчэння жылых і гаспадарчых карпусоў можна падзяліць на замкнёны, калі будынкі фарміравалі закрыты ўнутраны двор (прамавугольны, з выразнай прасторавай арганізацыяй альбо больш складаны з маляўнічай групоўкай прастораў) і паўзамкнёны, які вызначаўся адкрытым усярэдзіну квартала дваром і разнастайнай растаноўкай карпусоў.

Дамінанты фарміравалі прыродныя прасторы далін рэк. Уздоўж правага берага Нёмана склаўся шэраг кампазіцыйна звязаных асноўных збудаванняў: Барысаглебская царква — Верхні замак — Ніжні замак — базыльянскі манастыр — кляштар бернардзінак — кармеліцкі кляштар — кляштар бернардзінцаў. Францысканскі кляштар на левым беразе і страчаныя да гэтага часу будынкі — стары кармеліцкі кляштар і царква Святога Крыжа таксама падпарадкоўваліся гэтай заканамернасці. Адначасова Барысаглебская царква, Верхні замак і сінагога абрамлялі прыродную прастору даліны Гараднічанкі.

У XVIII ст. у параўнанні з папярэднім часам сілуэт Гродна ўзбагаціўся за кошт ускладнення архітэктурных аб'ёмаў, павелічэння колькасці вежаў і вышыні культавых збудаванняў, што вызначала «вертыкалізм» сілуэта. Для Гродна, як і многіх іншых гарадоў, у розныя перыяды была ўласцівая галоўная, нанбольш высокая дамінанта. У XVI ст. ёю служыла ратуша, у XVII ст.— фарны касцёл. У XVIII ст. галоўнай вертыкаллю становіцца перабудаваная ў формах віленскага барока званіца бернардзінскага касцёла. Шмат'ярусная званіца спалучалася з выразным шчытом галоўнага фасада касцёла, правобразам якога з'яўлялася царква Іль Джэзу ў Рыме, пабудаваная ў 1568—1584 гг. выдатнымі італьянскімі дойлідамі Дж. Віньёла і Дж. Порта.

У сілуэце горада прасочваліся разнастайныя вышынныя ўзроўні забудовы. Апрача падзелу дамінантаў па вышыні на тры групы і наяўнасці галоўнай вертьжалі, існавалі таксама буйнамаштабныя манастырскія карпусы і гарадскія палацы, як правіла, у два паверхі з высокім дахам. Самы нізкі ўзровень складала асноўная маса жылой забудовы.

У 1760—1780-ых гг. па ініцыятыве міністра фінансаў А. Тызенгаўза на паўночнай ускраіне горада, на месцы вёскі Гарадніцы, ствараецца прамыслова-культурны цэнтр, што з'явілася буйнейшым горадабудаўнічым мерапрыемствам. Тут арганізаваліся шаўковая, суконная, адзежная, карэтная, ружэйная, фарбавальная і іншыя мануфактуры, дзе працавала каля 150 чалавек. У забудову ўвайшлі 85 будынкаў рознага прызначэння: палацы Тызенгаўза, адміністратара і віцэадміністратара, тэатр, музычная і медыцынская школы, гасцініцы, шынкі, манеж са стайнямі, жылыя дамы і іншыя пабудовы. Планіроўка раёна фарміравалася з асобных рэгулярна спланаваных груп забудовы, аб'яднаных адзінай задумай. Да іх адносіліся: адміністрацыйна-гаспадарчая, якая прымыкала да плошчы перад палацам Тызенгаўза; вучэбна-навуковая з медыцынскай школай і батанічным садам; мануфактурна-вытворчая ў выглядзе кампактнага ўтварэння вакол квадратнай замкнёнай плошчы. Усе тры групы забудовы змяшчаліся ўздоўж вуліцы Раскоша, якая звязвала комплекс са старой часткай горада.

Батанічны сад на Гарадніцы меў прамавугольную планіроўку алей. Тут раслі каштоўныя пароды дрэў — бразільская сасна, воцатнае дрэва, манчжурскі і грэцкі арэхі. Ландшафт раёна ўзбагачаўся сажалкамі на рацэ Гараднічанцы.

Часткова захаваным да нашага часу ансамблем, важным элементам цэнтра горада з'яўляецца сістэма дзвюх плошчаў адміністрацыйна-гаспадарчай групы забудовы. Яна служыць адметным узорам горадабудаўнічага вырашэння пераходнага перыяду ад барока да класіцызму. Планіроўка ансамбля была задумана сіметрычнай адносна працяглай падоўжнай восі. Больш вялікая па памерах Палацавая плошча (сучасная пл. Леніна) мела складаную канфігурацыю з авальнымі бакамі і фарміравалася галоўным элементам ансамбля — П-падобным у плане палацам Тызенгаўза, крывалшенным корпусам музычнан школы, так званай «Крывой афіцынай», прамавугольным у плане будынкам віцэадміністратара і аналагічным корпусам насупраць яго. Ансамбль не атрымаў закончанасці — музычная школа не была кампазіцыйна ўраўнаважана сіметрычнай крывалінейнай пабудовай.

Палацавая плошча злучалася мостам цераз Гараднічанку з прамавугольнай плошчай перад палацам адміністратара, карпусы якога фарміравалі курданёр з галоўным будынкам па восі сіметрыі ансамбля. Такім чынам, працяглую відавую перспектыву з аднаго боку завяршаў палац Тызенгаўза з выразнай вежачкай па цэнтры фасада, з другога — галоўны корпус палаца адміністратара. Своеасаблівасць ансамблю надавала ўключэнне ландшафта Гараднічанкі ў адзіную кампазіцыю дзвюх плошчаў.

У 1795 г. Гродна ўвайшоў у склад Расійскай імперыі, з 1801 г.— стаў цэнтрам губерні. У ім не праводзілася рэгулярная перапланіроўка, што ў многім тлумачылася вялікай доляй капітальнай забудовы. Сярод асноўных пабудоў гэтага перыяду — арганічна ўключаныя ў ансамбль галоўнай плошчы гандлёвыя рады з ратушай, якія ўяўлялі сабой аднапавярховы прамавугольны ў плане будынак з унутраным дваром. Па цэнтры супрацьлеглых фасадаў размяшчаліся невялікія аб'ёмы ратушы, упрыгожаныя шасцікалоннымі порцікамі дарычнага ордэра.

Працяг - Гiсторыя ўзнiкнення i развiцця горада Гродна >>

наверх

© 2001-2010 APX  E-mail:apx@tut.by