Гiсторыя ўзнiкнення i развiцця горада Гродна

Рыс. 1. Цэнтр Гродна ў XII-XIII ст.

 

Рыс. 2. Цэнтр Гродна ў XIV-XV ст.

Рыс. 3. Цэнтр Гродна ў XVI ст.

Рыс. 4. Цэнтр Гродна ў XVI - пачатку XVIII ст.

Рыс. 5. Цэнтр Гродна ў другой палове XIII - пачатку XIX ст.

Рыс. 6. Цэнтр Гродна ў другой палове XIX — пачатку XX ст.

У другой палове ХІХ і пачатку XX ст. у Гродне, як і іншых буйных гарадах, бурнае развіццё атрымала прамысловасць, пачала дзейнічаць чыгунка. Значна вырасла насельніцтва, павялічылася тэрыторыя забудовы.

Аднак планіровачныя мерапрыемствы гэтага перыяду не ўнеслі карэнных пераўтварэнняў. Пры захаванні былой вулічнай сеткі на вялікіх участках сфарміравалася новая капітальная забудова, якая ў асноўным засталася да нашага часу і добра характарызуе горадабудаванне дадзенага перыяду. Атрымала развіццё гарадское азеляненне, створаны новыя і пашыраны старыя сады і скверы грамадскага карыстання з геаметрычна правільнай сістэмай алей.

Узмацнілася значэнне галоўнай магістралі, вуліц Дамініканскай і Раскоша, што вяла да новага элемента гарадскога грамадскага цэнтра — чыгуначнага вакзала, пабудаванага ў 1862 г. У адпаведнасці з праектам планіроўкі Гродна 1874 г. на магістралі будаваліся толькі мураваныя дамы. Пасля ўзвядзення ў 1909 г. металічнага моста цераз Нёман па трасе Маставой вуліцы галоўная магістраль набыла значэнне планіровачнага дыяметра Гродна.

Адбылося далейшае развіццё сістэмы вышынных будынкаў. Яна дапоўнілася Аляксандраўскай царквою, пастаўленай на плошчы перад былым палацам Тызенгаўза, Пакроўскай царквою пачатку XX ст., лютэранскай царквою, пабудаванай на месцы кірхі канца XVIII ст., агляднай пажарнай вежай паблізу Старога замка. Характэрна прытрымліванне горадабудаўнічай традыцыі — Пакроўская і лютэранская цэрквы размяшчаліся ў завяршэнні кароткай вуліцы, якая іх злучала. Яны стварылі своеасабдівую кампазіцыю з дзвюх дамінантаў, якія знаходзіліся насупраць і кожная з іх успрымалася ў аднолькавых умовах з любога пункту вуліцы.

Сярод іншых важных збудаванняў другой паловы XIX і пачатку XX ст. трэба назваць тытунёвую фабрыку (1862), півавараны завод (1877), воданапорндоя вежы, акруговы суд (1884 г., дабудаваны ў 1910 г.), жаночую гімназію (1893), Уладзімірскую царкву (1896), Народны дом (1904), рэальнае вучылішча (1907), сялянскі зямельны банк (1913), жылыя дамы ўрача (1911) і купца Мураўёва (1914). Кварталы масавай жылой забудовы фарміравалі па перыметры суцэльны фронт будынкаў. Нерэгулярная сетка вуліц, крывалінейныя альбо ламаныя напрамкі вызначалі разнастайныя ўмовы ўспрыняцця забудовы. Дамы, што прымыкалі адзін да аднаго, спалучаліся з размяшчэннем пабудоў з невялікімі прамежкамі, якія пазбаўлялі магістраль замкнёнасці, звязвалі ўнутраныя прасторы двароў з вуліцай.

У 1920—1930-ых гг. быў узведзены шэраг грамадскіх і жылых будынкаў, сярод якіх варта адзначыць банк (1934), афіцэрскі клуб на сучаснай вуліцы Ажэшкі. У паўночнай частцы цэнтральнага раёна сфарміравалася катэджная забудова. Вялікая ўвага ўдзялялася добраўпарадкаванню тэрыторыі — на многіх вуліцах тратуары і праезныя часткі замошчаны бетоннымі плітамі.

У перыяд Вялікай Айчыннай вайны пацярпела, галоўным чынам, гарадское асяроддзе ўздоўж вуліц Маставой і Крупскай. Разбурана шэсць-сем кварталаў з сярэдневяковай структурай вуліц, пацярпеў былы жаночы бернардзінскі манастыр. На галоўнай плошчы страчаны ратуша з гандлёвымі радамі і палац Радзівілаў, часткова зруйнавана забудова заходняга боку. У Занямонні пры бамбёжцы разбурана драўляная сінагога XVIII ст.

У пачатку 1960-ых гг. без якой-небудзь горадабудаўнічай неабходнасці быў знесены выдатны помнік архітэктуры XVI — пачатку XX ст., адна з асноўных дамінантаў гарадской панарамы — фарньі касцёл на плошчы. У 1960-ых гг. знік таксама касцёл бернардзінак. Як і ў іншых гарадах, гэтыя злачынныя з сучаснага пункту гледжання дзеянні з'явіліся вынікам усеагульнага ідэалагічнага падыходу, што дэклараваўся ў краіне, праводзімай палітыкі барацьбы з рэлігіяй. У гэты ж перыяд падпалі пад знос аднапавярховыя жылыя дамы па вуліцы Замкавай, у тым ліку будынак XVIII ст. з ляпным цэхавым знакам рыбы на адной з лапатак фасада.

У многіх выпадках у забудове 1960—1980-ых гт. у старой частцы горада і на прылеглых да яе тэрыторыях адсутнічала пераемнасць гісторыка-горадабудаўнічых традыцый і унікальных асаблівасцей Гродна. Гэтую тэндэнцыю мэтазгодна прасачыць, у прыватнасці, на недастатковым уліку заканамернасцей развіцця грамадскага цэнтра горада (зоны канцэнтрацыі грамадскіх функцый). Разгледзім дынаміку яго фарміравання з XII да сярэдзіны XX ст.

У XII—XIII стст. цэнтр ахоплівае Верхні замак і гандлёвую плошчу з культавымі будынкамі, якая, верагодна, склалася ля яго сцен з боку прыступу, паміж ім і прылеглым пасадам. Такі кампактны, вузлавы характар цэнтра ў XIV— XV стст. пераўтвараецца ў лінейна-вузлавы: па-першае, узбуйняецца старажытная частка цэнтра будаўніцтвам каля дзядзінца Ніжняга замка, які атрымлівае грамадскую функцыю, а па-другое, фарміруецца новы готыка-рэнесансны цэнтр у выглядзе прамавугольнай рыначнай плошчы з касцёлам, злучаны са старажытнай часткай галоўнай вуліцай (рыс. 1, 2).

Асноўная вось захад—усход, якая пры гэтым намецілася, у XVI ст. дапаўняецца папярочнай воссю поўнач—поўдзень, арганізаванай новымі культавымі комплексамі і гандлёвымі плошчамі. Яны звязваюцца паміж сабон камунікацыямі, уздоўж якіх размяшчаецца жыллё заможных гараджан. На перакрыжаванні восяў далейшае развіццё атрымлівае комплекс галоўнай рыначнай плошчы. Ад асноўных восяў разыходзяцца іх адгалінаванні. Відаць, у гэты перыяд канчаткова дэградзіруе роля старажытнай плошчы каля замкаў як аднаго з гандлёвых падцэнтраў. Такім чынам, для XVI ст. тыповы пераход лінейна-вузлавой структуры цэнтра ў разгалінавана-вузлавую з зараджэннем характэрнай для Гродна тыпалагічнай асаблівасці — дзвюх асноўных структурных восяў, якія перасякаюцца пад прамым вуглом. (рыс. 3).

Развіццё разгалінавана-вузлавой структуры ў XVII — першай палове XVIII ст. выявілася ў павелічэнні яе маштабу, тэрытарыяльным працягу восі захад — усход, узбуйненні вузлоў. Пры гэтым характэрна, у параўнанні з эпохай Адраджэння, адміранне некаторых гандлёвых падцэнтраў, напрыклад Нямецкага рынку, або ператварэнне іх у культавыя комплексы (размяшчэнне францысканскага кляштара на тэрыторыі рыначнай плошчы ў Занямонні) (рыс. 4).

У другой палове XVIII — пачатку XIX ст., у адрозненне ад папярэдняга перыяду, шыротная вось кансервуецца, а моцнае развшцё набывае мерыдыянальная вось з далейшым ростам яе адгалінаванняў. Якасна новая ўласцівасць гэтага этапу — дапаўненне разгалінавана-вузлавой структуры занальнымі элементамі, зліццё асобных вузлоў у грамадскія тэрыторыі. (рыс. 5). Гэтая якасць стала дамінуючай у канцы XIX — пачатку XX ст., аднак разгалінавана-вузлавы прынцып утварэння структуры грамадскага цэнтра захоўваецца. У гэты перыяд узнікае таксама другая шыротная вось аднабаковай арыентацыі, якая арганічна пачынаецца з месца злому мерыдыя-нальнай восі (рыс. 6).

Такім чынам схема эвалюцыі цэнтра Гродна ўкладваецца ў часавую паслядоўнасць: вузлавы, лінейна-вузлавы, разгалінавана-вузлавы, занальна-разгалінавана-вузлавы цэнтр. Вызначальнай тыпалагічнай адзнакай структуры цэнтра з'яўляліся дзве ўзаемна перпендыкулярныя восі, сфарміраваныя грамадскімі комплексамі, з галоўным ансамблем горада ў месцы іх перасячэння. У развіцці цэнтра існавала ўстойлівая аб'ектыўная тэндэнцыя паэтапнага тэрытарыяльнага пашырэння.

Гэтая асаблівасць, аднак, не атрымала паўнацэннага пераемнага развіцця ў далейшым. Паказальным прыкладам таму можа служыць арганізацья новага адміністрацыйнага цэнтра ў раёне плошчы Леніна (былой Палацавай), размяшчэнне буйных, функцыянальна ёмістых аб'ектаў на тэрыторыі гістарычнага ансамбля. Неабгрунтаванае горадабудаўнічае рашэнне прывяло да ўзвядзення паблізу, на вуліцы Савецкай, шматпавярховага будынка аблвыканкама, які не адпавядаў маштабнасці старой забудовы, парушыў сілуэт гістарычнага раёна. Пры гэтым існавалі праектныя прапановы па будаўніцтву новага адміністрацыйна-грамадскага комплексу на невялікім аддаленні ад гістарычнага раёна, на паўночны захад ад яго за ракой Гараднічанкай, што садзейнічала б арганічнаму працягу шматвяковага працэсу тэрыта-рыяльнага развіцця структуры ансамбляў цэнтра Гродна. Аднак у выніку памылковых дзеянняў фарміраванне цэнтра пайшло па горшым шляху, які знізіў культурныя якасці і выдатнасці аблічча горада.

Размяшчэнне будынка аблвыканкама без неабходных з функцыянальна-планіровачнага пункту гледжання падстаў з'явілася пачаткам іншых суб'ектыўных дзеянняў — прыбудовы да яго з павелічэннем даўжыні шматпавярховага корпуса, зносу перад ім старога квартала па вуліцы Сацыялістычнай. Негатыўны эфект атрымаўся пры расшырэнні плошчы Леніна за кошт знішчэння ўчастка гістарычна каштоўнага ландшафта ўздоўж Гараднічанкі, будаўніцтва двух адміністрацыйных будынкаў былых гарадскіх камітэтаў КПБ і ЛКСМБ. Тым самым у разглядаемай зоне адбылася карэнная змена планіровачнай і кампазіцыйна-прасторавай структуры архітэктурнага ансамбля Гарадніцы XVIII ст., прадстаўленай на гэтым участку сістэмай дзвюх плошчаў перад палацам Тызенгаўза і будынкам адміністратара, a таксама гістарычным ландшафтам каля былога батанічнага сада.

Наступным крокам стаў знос аднаго з гістарычных будынкаў, якія фарміравалі парадную прастору Палацавай плошчы перад рэзідэнцыяй Тызенгаўза (палац разбураны ў гады першай сусветнай вайны). Відавочна, што для лагічнага завяршэння пампезнай ідэі, задуманай у свой час не без удзелу кіруючых партыйных органаў, неабходна знесці капітальны пяціпавярховы жылы дом 1960-ых гг. па вуліцы Савецкай, што раскрые да новай плошчы фасад будынка аблвыканкама. Функцыянальны эфект усіх пералічаных пераўтварэнняў вельмі нязначны, невысокія і архітэктурна-мастацкія якасці будынкаў былых гарадскіх камітэтаў КПБ і ЛКСМБ.

На суседняй вуліцы Ажэшкі, якая ўваходзіла ў ансамбль Гарадніцы, у пасляваенныя дзесяці-годдзі было разбурана некалькі тыпавых жылых дамоў рамеснікаў, якія ў XVIII ст. фарміравалі цэласны, адзіны ў сваім родзе на тэрыторыі Беларусі ансамбль вуліцы. Першапачаткова іх налічвалася 20, да цяперашняга часу захаваўся толькі адзін.

Нямала прыкладаў сучаснага будаўніцтва, якое парушае традыцыйнае аблічча гарадскога асяроддзя. Новая прыбудова да універмага па сваім аб'ёмна-прасторавым рашэнні і апрацовачных матэрыялах не адпавядае характару гістарычнай забудовы вуліцы Савецкай. Будынак драматычнага тэатра на важнейшым у горадабудаўнічых адносінах участку на месцы разбуранага кляштара бернардзінак у цэлым мае развітае і своеасаблівае аб ёмна-пластычнае рашэнне, аднак вызначаецца схематызмам, самадастатковым і абыякавым да рознахарактарнага гістарычнага наваколля абліччам. 3 сучасных пазіцый для ўзбагачэння культуралагічнага зместу цэнтра горада на гэтым месцы больш правільна было б узнавіць комплекс жаночага бернардзінскага кляштара з яго выкарыстаннем па аптымальным сучасным прызначэнні. Для будынка тэатра трэба было знайсці іншае, важнае ў структурна-планіровачных адносінах месца ў горадзе. Відавыя напрамкі на гістарычны цэнтр з боку вуліцы Горкага перакрыты сучаснымі шматпавярховымі аб'ёмамі будынкаў вылічальнага цэнтра і тыповай паліклінікі на вуліцы Лермантава.

Трэба адзначыць, што параўнанне планаў Гродна розных гістарычных перыядаў з сучаснай сітуацыяй сведчыць аб высокай ступені захаванасці планіровачнай структуры і элементаў прасторавай кампазіцыі. Акрамя таго, аналіз плана дазваляе прасачыць тэрыторыі, розныя па часе асваення і ўтварэння асноў вулічнай сеткі. Участак паміж Нёманам і Гараднічанкай у межах вуліц Крупскай, К. Цэткін і Пасіянарыі мае элементы сярэдневяковай радыяльна-дугавой схемы XI— XIV стст. На поўнач і ўсход ад яго ў межах вуліц Энгельса, Кірава, Чапаева, Маладзёжнай і Камсамольскай сетка вуліц склалася пад уплывам горадабудаўнічай культуры готыкі і рэнесансу XV—XVI стст. і вызначаецца вялікімі памерамі і правільнай канфігурацыяй былой рыначнай плошчы, больш буйнымі кварталамі і працяглымі вуліцамі. Тэрыторыя далей на ўсход, абмежаваная вуліцамі Паўлоўскага і Чапаева, а таксама Гарадніцы была асвоена ў XVII—XVIII стст. Многія напрамкі сфарміраваліся ў XIX — пачатку XX ст. і вызначаюцца рэгулярным характарам, элементамі прамавугольнай схемы ў паўночнай частцы гістарычнага раёна. У цэлым планіроўка, сістэма забудовы розных эпох, ад XII ст. да 1930-ых гг., прасторавая кампазіцыя гістарычнага раёна патрабуюць у далейшым максімальнага захавання, аднаўлення і творчага развіцця ў працэсе рэканструкцыі горада.

Чантурыя Ю.У.

Страчаная спадчына
Т.В. Габрусь, А.М. Кулагін, Ю.У. Чантурыя, М.А. Ткачоў

наверх

© 2001-2010 APX  E-mail:apx@tut.by